Партрэтэскі з Адэскі

Прэлюдыяй да адэскай вандроўкі стаў замочаны ў пралцы пашпарт перад самым выездам, навіны пра разгул інфекцый на Украіне і страшылкі ад мамак з усіх бакоў наконт таго, што можа здарыцца з жонкай на апошніх месяцах цяжарнасці ў такіх умовах. Але мроі пра цёплае мора, прывідны пах садавіны з віном і вобраз горада, які па чутках заснаваў Вітаўт, і ў якім сёння жыве паэт-псіхіятр Барыс Херсонскі — устойліва рухалі мой цягнік у паўднёвым напрамку, мінаючы кардоны і загарадкі. У азадак гэтаму цягніку з усёй абцяжаранай моцы дзьмухала сама жонка, што апошнімі тыднямі мела толькі адно пытанне ў галаве: якой тэмпературы вада ў Чорным.

 

Якой тэмпературы вада ў Чорным — належыла яшчэ даведацца, але тэмпература вады ў пральнай машыне была дастатковай, каб ператварыць пашпарт у вясёлы комікс з рознакаляровымі плямкамі-разводамі. З апошняй старонкі замест мяне на мяне глядзеў тэрмінатар з апошняй сцэны знакамтага баевіка: выразна бачнымі засталіся толькі драпежныя кропкі зрэнак нечалавечага выгляду. Тупаватае пытанне беларускіх памежнікаў «навошта вы памылі пашпарт?» уводзіць у ступар, не ведаю, чым крыць. Верагодна, жончын жывоцік бздынькае на перыферыйным полі зроку памежніка — і тэрмінатар па пашпарце, вандроўнік у душы — такі выпускаецца за межы краіны сваёй зборкі, але «у апошні раз, з умовай замены пашпарта па прыездзе». Іначай і быць не магло: надта моцна шаптала жонка слова «мора» ў апошніх снах.
Што такое пероны украінскіх чыгуначных станцый? «Чернігівське, Біла ніч», «ватрушкі, сама пэкла», «вода, морозіво, берытэ, люди, на що мени ці торбы тягаты»… А яшчэ —  вось гэтая баба, што сядзіць на лаве пад украінскім сцягам і крычыць у слухаўку нечалавечым голасам рэзанага Авеля, гучнейшым за абвесткі з рэпрадуктара: «Алёна не вінавата-а!». На пероне — толькі баба і гэтая Алёна, сотні пасажыраў — толькі дэкарацыі для драмы, што адбываецца ў мястэчку Ukr. Але і для пасажыраў — баба са сваёй Алёнай у слухаўцы — такі ж рэквізіт на сцэне.  Галоснасць, дэмакратыя, улада бабы з тэлефонам і яе гарапашнай Алёны.
Адэса. Аскепкі дзвюх імперый. Аскепкі асфальтаваных дарог, шляхетных гарадскіх камяніц, ведамасных санаторыяў, гарадскога транспарту… Аўтобусныя прыпынкі без шыльдаў, трамваі брэжнеўскай эпохі, бітма набітыя і дабітыя маршруткі, падобныя на самыя горшыя прыгарадныя аўтобусы па Беларусі, прыватныя аўто, якія ў нас паказваюць на рэтра-выставах. Праз увесь гэты кепска ўладкаваны музей часта прабіваюцца выспы-парадайзы агрэсіўнай сучаснасці: заграбастаныя алігархамі кавалкі пляжаў, што асляпляюць агнямі уночы, гатэлі-люкс з аховай па перыметры, лімузіны на цэнтральных вуліцах з дзявіцамі, што высоўваюцца з люкаў, як чарвякі з яблыкаў, і заліваюцца вавілонскім рогатам на ўсю вуліцу. Больш сціпла, але выразна — праступаюць здаровыя фрагменты жывой тканкі украінскага арганізму: густоўныя крэатыўныя кавярні і крамкі з адэскім гумарам і каларытам, надпісы па-украінску, новая плынь, новая Украіна, туды і ідзём. А выходзячы — зноў шарахаемся ад паху бамжоў з чорных аканіцаў колісь велічных дваранскіх дамоў, недабітых сваяў прама на ўзбярэжжы (кагосьці такі пасадзілі — прачытаем пазней у навінах), вулічных гандлярыкаў, што заклікаюць на клоўнскія атракцыёны. Адэса. Аскепкі імперый з забітымі сваямі новай рэспублікі. «Замарожаныя» ў судзе, захопленыя гвалтоўна «цітушкамі», спаленыя канкурэнтамі тройчы, перажыўшыя рэвалюцыю, яны цярпліва чакаюць гаспадара.
«Дом Чыжа» ля адэскага пляжа
«Дом Чыжа» ля адэскага пляжа.
непадзеленая ўласнасць ля мора
непадзеленая ўласнасць ля мора
no comments
no comments
Гаспадары. Налева і направа не даюць чэкаў і квітанцый аб аплаце, зарабляюць хто як можа, ідуць у Нацгвардыю або ў «цітушкі», разносяць крыветкі, чарнаморскія крыветкі, кукурузу, гарачую кукурузу на пляжы, валяць з гэтай краіны куды падалей — балазе, візы адменены пасля Майдану, чапляюцца за жыццё, будуюць яго на сваёй галаве ці на чужых галовах: адзін мужык перавозіць скрыню ягадаў у маршрутцы, з-за поўнай адсутнасці прасторы ставіць скрыню на поручань над галовамі седзячых пасажыраў, балансуючы ўсю дарогу. Ніхто не вымавіць і слова, усе дабрадушна трываюць, перакусваючы жартамі. Трамвай спыняецца так, што выхад перакрываюць тры смеццевых кантэйнеры, «о, нам акурат сюды і трэба!» — не губляюцца дабрадушныя адэсіты, а кандуктар – украінская радзіма-маці, на якой, здаецца, усё тут і трымаецца — трыма ўзмахамі магутных рук расчышчае праход. Вось што значыць адказнасць саміх грамадзянаў за  грамадскую прастору. На Прывозе азеры спыняюць машыны прама на скрыжаванні пасярод вуліцы для нейкай сваёй стрэлкі — аб’яжджай, халоп! На пытанне каўказскаму прадаўцу, куды кінуць агрызак ад прадэгуставанай садавіны, той ківае прама на ходнік побач. Гары яно гарывам. Не кідаю. Імбецыл з Беларусі нясе агрызак у сметніцу за двесце метраў. Іду на трамвайны прыпынак (ну хоць штосьці — павінна ж тут функцыянаваць па раскладзе!), ад кіроўцы першага ж трамвая даведваюся, што машына ідзе ў дэпо, і ўсе наступныя — таксама. Ды ідзіце вы ў дэпо. Хочацца ўславіць айчынную дыктатуру. Хочацца яшчэ раз запытаць, дзеля чаго робяцца рэвалюцыі. Вяртаюся да сябра ў спальны раён у хрушчоўку, унізе якой — прадуктовая крама «Абжора», на ганку якой — асноўны спажывец яе асартыменту, тараканішча памерам з каробку запалак. Пад’езд дома — такі ж, занядбаны, затараканены. Сябар тлумачыць, што ўжо колькі год таму на Украіне скасавалі дзяржаўныя камунальныя службы, адказныя за жыллёвыя ўмовы, і жыхары вымушаныя самы бараніць свой інтарэс, аб’ядноўваючыся ў таварыствы ўласнікаў. Калі хочуць. У гэтым доме не хочуць. «Абжора» – развіваецца ў буйную гандлёвую сетку.
Адэскі жах адступае з лёгкім брызам з паўднёвага боку. З заплюшчанымі вачыма можна паказаць, у якім баку мора. Адэскае паветра — лекар. Дрэвы — санітары. Векавыя платаны, пасаджаныя ледзь не самім Рышэльё, пераўтвараюць вуліцы ў чароўныя жывыя тонэлі. Бакавіны тонэляў — камяніцы, самая сціплая з якіх была б абцалаваная мінскімі экскурсаводамі. Трохметровыя дзверы парадных (кожныя — твор мастацтва) — ледзь паддаюцца, а па замыканні — усёй сваёй белагвардзейскай вагой цягнуць госця за сабой, выкрываючы хіласць сучасніка. Парадныя ўнутры — толькі тут і разумееш, чаму яны менавіта парадныя, а не пад’езды.
дзверы ў адэскі дом
дзверы ў адэскі дом
адэская камяніца
адэская камяніца
дзверы ў адэскую кватэру
дзверы ў адэскую кватэру
аздоба дамоў
аздоба дамоў
Калейдаскоп памятных шыльдаў — паэты, вынаходнікі, героі — не даюць абазнацца, гэты горад — жывая легенда, якой не патрэбны турыстычны піар і прасоўванне ў рэйтынгі. Такі сабе паўднёвы Піцер, толькі дрэваў — стакроць болей. У гэтых шыкоўных шляхетных вуліцах-каралях нават савецкія шэра-каробчатыя жудзікі, так знаёмыя мінчуку, глядзяцца экзатычна і цікава. Бульвары і брукаваныя вулачкі, алеі і завулкі — міжвольна хіляцца ў паўднёвы бок, быццам аддаючы даніну сваёй першапрычыне — мору і порту. Ногі самі вядуць, калі паддацца нахілу. І вось яно — бірузовае, месцамі блакітнае, сям-там з матавым шэраватым Чорнае. Амые, ачысціць, прыбадзёрыць і натхніць пасля любой рэвалюцыі і азіяцкага рынку. І Міцкевіч, і Пушкін, і Міхалок — адчуваюць скурай, заліпаюць тут надоўга, не хочуць расставацца. На афішных тумбах Адэсы — аж тры анонсы пра выступы Brutto-Ляпіса ў бліжэйшыя тыдні. Час дакрануцца да высокай культуры.
платаны Рышэльё
платаны Рышэльё
новыя героі
новыя героі
адносна чыстыя пляжы і нябярэжныя
адносна чыстыя пляжы і нябярэжныя
Спадабаўся дынамічны драйвовы «Ленивый день» (годная, добра сыграная мясцовая банда з харызматычным і па-свойску вясёлым дзяўчом на вакале), спадабаўся і сам клуб «More Music Club» — пабрацім нашага «Графіці». Не спадабаўся «Хамерман знішчуе вірусы» — танная безгустоўная пашляціна, што выдае сябе сябе за нейкі арт-андэграўнд нацыянальнага масштабу. На трэцім жарце ўжо нясмешна, на пятым — брыдка, на сёмым — пайшоў на мора. Хаця сам клуб «Шкаф» — вартае месца баўлення часу і знаёмства з мясцовай актуальнай сцэнай.
Адэса едзе на рэйв
Адэса едзе на рэйв
Да клуба «Бона» на модным пляжы «Аркадыя», каб прывітаць Міхалка-земляка, я так і не дайшоў, балазе, ужо тройчы быў на яго канцэртах за апошнія месяцы. І не памыліўся: у той вечар на Дэрыбасаўскую (якая да слова, можа пахваліцца асартыментам выступоўцаў, ад крышнаітаў да акадэмічных струннікаў) прызямліўся балкана-хіпанскі «Toporkestra» з Кіева, каб ператварыць плынь расслабленых мінакоў у вясёлы танцавальны гармідар.
харэ, Украішно!
харэ, Украішно!
на Дэрыбасаўскай заўжды субота
на Дэрыбасаўскай заўжды субота
Я назіраў і здымаў на відэа, як мінакі падыходзяць бліжэй і пачынаюць здымаць на відэа, і не вытрымліваюць праз некалькі хвілінаў, і я не вытрымліваю разам з імі  —  хаваю смартфон, ногі пускаюцца ў скокі. Цыганы і турысты, мясцовыя музыкі і п’янтосы – усе прыцёгліся сюды, і праз некалькі гарачых кампазіцый, у т.л. цыганшчыны, тэмаў з Кустурыцы, адэскіх і клезмерскіх найгрышаў, — гурт быў аблеплены стракатым танцуючым поясам. Час прыпыніўся. Рышэльё і Дэрыбас – здзіўлена павярнуліся на сваіх п’едэсталах у бок музыкі, жыды і цыганы ўсіх пакаленняў — з падзякай кіеўскім хіпанам цокалі нагамі па брукаванцы і выпісвалі рукамі дзедаўскія фрывольныя па, платаны і каштаны — шапацелі лісцём у знак перкусійнай згоды. І не зразумела, навошта гэтыя канцэртныя залы і філармоніі, калі рай на зямлі – прама тут, па цэнтры Дэрыбасаўскай.
торч на Дэрыбасаўскай разам з «Toporkestra»
торч на Дэрыбасаўскай разам з «Toporkestra»
Ад жывой культуры да засушанай музейнай экспазіцыі — адна  надгробная пліта. Іду знаёміцца з прадуктамі жыццядзейнасці класікаў у Літаратурны і Мастацкі музеі, што рэкламуюцца як адны з лепшых у Адэсе. Амаль заснуўшы ад перагрузу класічных партрэтаў і Айвазоўскага, нечакана ажыўляюся ад невялікай калекцыі дзесь пасярэдзіне экспазіцыі. Нахіляюся, чытаю прозвішчы: так і ёсць — Васняцоў, Врубель, Сурыкаў, Шышкін, Рэпін, Левітан. Халера яго ведае, здаецца, нічым не адрозніваюцца ад папярэдніх соцень такіж жа пейзажаў і партрэтаў — а ўстаўляюць так, што адразу цягнешся па фотаапарат. Гэтак жа рэзка выводзіць з музейнага анабіёзу рэзкая змена пейзажных тонаў, да болю знаёмая пастэльная дымка на небку — у процівагу яркім фарбам астатніх карцін. Пераблытаць немагчыма — Бялыніцкі-Біруля і яшчэ парачка беларускіх пейзажыстаў самабытна і цікава глядзяцца ў гэтым шэрагу.
з экспазіцыі Адэскага мастацкага музея
з экспазіцыі Адэскага мастацкага музея
Апошняя зала, як выявілася пазней, тоіла сюрпрыз — «Што ёсць ісціна?» Мікалая Ге, але за ісціну трэба было змагацца: музейныя наглядчыцы Мастацкага, пры дапамозе аховы — пачалі настойліва выганяць гледачоў з залаў за 15 хвілін да закрыцця. Такі выходжу, патрабуючы кнігу скаргаў – узамен атрымліваю чаканую «Кнігу водгукаў» (танны прыём, практыкуемы ў РБ), патрабую далей. А далей – болей: атрымліваю ў рукі белы аркуш паперы, падпісаны «Кніга жалоб» са словамі «нам ніколі не пісалі скаргаў, вы – першы!» Далей будзе кабінет дырэктара з каньячком, яго прабачэнні і рэзалюцыя: даглядзець экспазіцыю (бабулі-музейшчыцы, замест таго каб сыйсці на 15 хвілін раней, сыйшлі на 15 хвілін пазней, шамкаючы за спінай абразы і праклёны). Што да Літаратурнага — той сапраўды, выглядаў галерэяй трупаў, падсохлых у музейным клімаце, да якіх боязна дакрануцца, каб не рассыпаліся. Пасля двюхгадзіннай экскурсіі мы так і не дазналіся, колькі месяцаў Міцкевіч быў у Адэсе, якімі сучаснымі літаратарамі знакамітая сёння Адэса і хто пераклаў «Энеіду» на украінскую. Але свежы марскі вецер залятае і ў гэтыя запыленыя пакоі. Спешна пакідаем гэтае сховішча мамантаў, мы, аматары памыляцца адрасам.
кніга скаргаў па-адэску
кніга скаргаў па-адэску
Аматары памыляцца адрасам, аматары марскога паветра без прывязкі да геаграфічных каардынатаў, аматары Майдана і Міхалка, нягледзячы на нюансы, аматары памыць рэчы ў пралцы перад выездам — выпраўляюцца ў адваротны шлях. Эпілогам для адэскай вандроўкі стаў беларускі цягнік з -наццаці вагонаў, нажабраваных па ўсіх абласных дэпо, так што няма чаго, каўбой, здзіўляцца рэліктаваму надпісу на вакне «Закрыто на зиму» і плакацца, што вентыляцыя не працуе. +30 на дварэ, +50 чалавек у вагоне, і гэта толькі пачатак! Украінскі памежнік а 6-й ранку бярэ ў рукі пашпарт-комікс, які не толькі не прасох за тыдзень на сонечным поўдні, а яшчэ трохі больш павільгатнеў і расплыўся. Службовец ветліва запрашае ў купэ правадніка, зачыняе дзверы і пачынае старую сцэнку са страшылкамі пра вяртанне ў Кіеў і візіт у беларускую амбасаду па новы пашпарт. Фінал сцэнкі адпачатку адбіваецца ў яго вачах знакам $. Але беларус — гэта не толькі трактар і ўпартая цяглавітасць. «Дык што — на выхад? Збірацца? Як скажаце. Толькі вось жонка на апошніх месяцах цяжарнасці, нават не ведаю, як быць з ёй…» Я адразу ведаў, што цягнік рухае менавіта яна.