Голая Еўропа

Шэсць аэрапортаў і два вакзалы, чатыры сталіцы за восем дзён, пару пачкаў адпаведных банкнотаў, рассаваных па кішэнях і трусах — гэтага было дастаткова, каб нырнуць і вынырнуць з акіяна, што завецца Еўропай, каб канчаткова пераканацца — лепей піць з Нёмана вадзіцу, чым ваду — з Сены, Шпрэі ці Тыбра.

Mігранты

Сустракаюць ужо ў парыжскім азрапорце. Дзіўнае стварэнне: чалавек разам з гарой сваіх рэчаў, запакаваных на перасоўны стэлаж — глядзяцца адным слонападобным цэлым. Хто для каго стаў якарам на гэтым авіяперавале? хто каму замінае сарвацца і рушыць далей? сланы-прывіды туляцца па кутах парыжскага аэрапорту абараняючы сябе хіба што ўважлівым назіраннем за ўсім, што рухаецца каля іх. А калі застаюцца без рэчаў — дык нават гэтай, апошняй ступені самаабароны — ужо няма: кладуцца спаць без азірання хоць на каго, ва ўсіх закутках метро і на вуліцах, прама на вентыляцыйныя рашоткі. Спальнік — апошні сябар і сімвал мігранцкага Парыжу. І яшчэ — гэтая міласэрная парыжская школьніца, што суе мандарынку афрыканцу, які кашляе на ўвесь вагон метро так, што побач ніхто не сядае. Самыя спрытныя — здабываюць сабе квадртаныя метры прама ў цэнтры, на наберажнай, уладкоўваючы намёт ці намётавае мястэчка, ператвараючы Францыю ў Кенію, а Сену — у Ніл, шчодра ўгнойваючы берагі натуральнымі экскрыментамі. Але замест земляробства — продаж брылокаў ля Эйфелевай, у жанчын — стаянне з працягнутай рукой на скрыжаваннях. Цікава, што колер скуры і традыцыйны занятак — розняцца залежна ад гораду: у Рыме — гэта ўжо збольшага, не афрыканцы, а індусы, што прамышляюць перапродажам квіткоў у музеі Ватыкана (навар каля 5-10 еўра з квітка), малююць балончыкамі няхітрыя рымскія пейзажы, гандлююць браслецікамі, у Берліне — гэта ўжо туркі, што перапрадаюць квіткі на метро або вышукваюць дурняў на цэнтральных вуліцах для гульні ў напарсткі, пільнуючы перыметр адрэзка вуліцы на прадмет паліцыі, маючы «заклікалаў», што прыкідваюцца шчаслівымі пераможцамі — ох, як жа нам тут запахла нашымі дзевяностымі. Толькі курды — мітынгуюць ля Бундэстагу, ды польскія бамжы ў модных красоўках распіваюць на траіх на лавачках паблізу вакзалаў на абшарах Еўропы. І не трэба быць прарокам, каб ведаць — як змяніўся б нацыянальны склад гэтай сінявы, калі б нашая сінявокая трапіла ў абдымкі Еўрасаюза.

прама ля Эйфелевай
мігранцкая доля
індусы ў Рыме
берлінскі лахатрон
курды ля Бундэстагу

Гарады

З усіх наведаных гарадоў Парыж — самы дарагі, Рым — самы аўтэнтычны, Берлін — самы падобны да роднага Менску (можна і пераблытаць!), Вільня — ах, Вільня! гэта не паддаецца рацыянальнаму асэнсаванню, але менавіта яна з усёй яе правінцыйнасцю, у параўнанні з еўрапейскімі трэндавымі сталіцамі — найбліжэй да сэрца. І гэта відавочна, што менавіта Рым — а не французскія ці-то нямецкія гарады — стаяў узорам, які стаяў у вачах нашых продкаў-літвінаў, калі яны будавалі сваю сталіцу: тая ж заблытаная сетка вуліц, тыя ж колеры, тыя ж, збольшага, рэнесансна-барокавыя абрысы, нарэшце, той жа татэм-заснавальнік. Менавіта Вільня — трапляе ў нашыя ідэальныя ўяўленні пра прастору, памеры, формы ў іх спалучэнні са сціплымі маўклівымі пагоркамі навакол.

графіці ў Вільні
адкрыццё таблічкі з назвай «вуліца Полацкая»
адкрыццё таблічкі з назвай «вуліца Полацкая»
дзверы сапраўды жабрацкага францішканскага касцёлу ў Вільні, непадалёк вуліцы Лідскай
францішканскі касцёл у Вільні, дзе служаць імшу проста на цэглы
далоў турыстычныя мясціны! толькі мясцовая аўтэнтыка! трэш-бар паміж Вострай брамай і вакзалам
трэш-бар, у якім акрамя цэпелінаў за 2 еўра я атрымаў яшчэ бонус — шоў з адборнымі рускімі мацюкамі і жаночай панажоўшчынай
Вільня

Берлін

Такі ж як Менск ранены і разарваны. І таму з пустаты, з паветра — нараджае сябе наноў: вулічным мастацтвам, музычнымі клубамі, творчымі кластэрамі. Змагаецца за рэшткі старога, але не вельмі ўдала. Пастаянна перабудоўваецца, так што знайсці ракурс для фотаздымка без таго, каб не ўлез будаўнічы кран — немагчыма. І ўсё ж жыве, і вабіць гасцей, якіх аднак, тут у разы меней, чым у італьянскай ці французскай сталіцах.

берлінскае метро люблю ўжо толькі таму, што адна з яго ліній названа ў гонар майго любімага гурта, ды яшчэ з такой канцавой станцыяй!
Берлін весяліць сябе сам (графіці з East Side Gallery)
Берлін весяліць сябе сам: згустак клубаў і арт-прастораў у Хакешэ Хёфэ
Берлін весяліць сябе сам
творчы раён Прэнцлаўэрберг, вулічны музыка ля станцыі метро
абчыкрыжаныя на мінскі манер дрэвы ля творчага кластэра «Культурбраўэр» — пабраціма нашай Кастрачніцкай
Берлін, які няцяжка пераблытаць з Мінскам
Берлін, які няцяжка пераблытаць з Мінскам
#ЛепшыВыглядБерліна за 15.5 еўра
#ЛепшыВыглядБерліна
#ЛепшыВыглядБерліна (Брандэнбургская брама, у перспектыве)
беларускі вянок ля помніка савецкаму салдату
крыж, у памяць ахвяраў, загінулых пры спробе ўцёкаў з «савецкага» Берліна, усталяваны, згодна з тэкстам, адным з пацярпелых сацыялістычнага рэжыму на сабраныя грамадствам сродкі, у той час, як гарадскія ўлады руйнуюць падобныя мемарыялы.

 

Рым

Стаў на дзвюх лініях метро, а трэцяя будуецца. Сем пагоркаў і ваўчыца — будуць пасля. А зараз — метро не працуе, як і іншы грамадскі транспарт і ўвогуле транспарт, бо ўсе вуліцы — у корках. Рымляне бастуюць. Ромул, Цэзар, Мусаліні — спяць. Спіць Калізей з катакомбамі, імператары і плябеі, гладыятары і закатаваныя хрысціяне. Хоць ты верталёт наймай, каб куды-небудзь паспець. Або сядзь і расслабся, замоў кавалак лазаньі з келіхам чырвонага. Пакуль дап’еш — метро запрацуе, коркі разрэдзяцца, рымляне выйдуць з анабіёзу. Гэта горад не для працы. Тут увогуле наўрад хтосьці ўсёр’ёз кудысьці спяшаецца. Не спяшаецца ўладальнік нашага хостэлу да нашага прыезду, не спяшаецца і на нашае высяленне для разліку — толькі паведамляе, што разбіў машыну па дарозе і пакінуў віно нам у падарунак. А якія яшчэ ўяўленні пра час могуць быць у горадзе, што называе сябе «вечным»? З дапамогай нарвежкі, што жыве тут ужо шмат гадоў, але ў знак пратэсту захоўвае нардычны характар, распрацоўваем лагістычны план уцёкаў з цэнтру, не па мясцовых правілах ловім таксі прама на вуліцы, заскокваем у экспрэс-цягнік да аэрапорта, які тут, бадай, адзіны з усіх вечных варушыцца, ды й тое — ледзь-ледзь. І ўсё ж Рым — горад, у якім можна толькі скарыцца: велічы, старажытнасці, немагчымасці ўсё ўбачыць. Таму пакорліва і спакойна — абыходзім некалькі цэнтральных вуліц, усе асноўныя «трэба ўбачыць»разам з Іль-Жэзу (які, дарэчы, моцна адрозніваецца па прапорцыях ад Нясвіжскага спадкаемцы), і  пешшу, без прад’яўлення пашпартоў, ідзем у наступную дзяржаву.

Рым, від з плошчы дэль Попала
вартаўнікі вечнага горада
вартаўнікі вечнага горада
аніматары вечнага горада
цацка на выбар
царква Іль-Жэзу, прататып нясвіжскага сабора

 

Ватыкан

І ўсё ж ёсць штосьці нездаровае, калі ўся ўлада засяроджваецца ў руках аднаго. І ёсць штосьці нездаровае, калі скарбы сусветнай культуры — схоўваюцца, хай сабе і неблагім музейным чынам — у адным месцы. Ватыканскія музеі — надта вялікіх памераў, каб паставіцца да іх усур’ёз. Вы стоміцеся ўжо на першых калекцыях старажытных саркафагаў і папамабіляў — і на калецыю з Шагалам і Пікасо ў вас проста не застанецца сілаў. Што ўжо казаць пра Сіксцінскую капэлу і Рафаэлевыя станцы — турыстычная плынь нясе вас упэўнена ў тэмпе «сэлфі» — да наступных тураб’ектаў. І знайдзі тут хоць аднаго, хто іначай успрымае гэтыя скульптуры і роспісы. Пад ментарскія воклічы паліцэйскіх «No photo!» — сыходзім з Капэлы, запомніўшы толькі, што Рафаэль быў зусім малады, калі браўся за гэтую працу. І якая яму радасць з таго, што яго роспісы — бачаць мільёны чалавек штогод, без таго каб хоць трошкі ўнікнуць у іх сэнс? Мне здаецца, ватыканскія скарбы варта расфармаваць па мясцовых музеях. Мне здаецца, уладу папы варта рассяродзіць па мясцовых парафіях. Ватыкан — надта багаты і ўладны, каб быць прадстаўніком вандроўнага Прапаведніка з Галілеі. У Ватыкана надта высокія і тоўстыя сцены, каб раздзяліць раны свету.

прывітанне з ватыканскіх нябёсаў
ватыканскі гараж
Пеця і Паша, апосталы
цяпер я ведаю адкуль «Бітлз» чэрпалі натхненне
мудрацы-кажанчыкі лятуць да малюткі Ісуса
сэлфі-цётка ў ватыканскім музеі

 

Парыж

Грэе шклом вітражоў, супакойвае паўзмрокам гатычных бажніц, лашчыць водарам кавярняў старога Марэ, пераможна грыміць забавамі Монпарнаса, прыгнятае веліччу і багаццем Луўра ды іншых каралеўскіх палацаў (тут пачынаеш разумець французскую рэвалюцыю), годна захоўвае памяць пра ўсіх вартых — незалежна ад краіны іх паходжання. Вось і мы — п’ем віно ў «Ратондзе» за нашых габрэяў, дзе і яны пілі, фатаграфуемся ля «Вулея», дзе яны жылі, і марым пра краіну, з якой, нарэшце, нікуды не трэба будзе з’яжджаць, каб стаць сусветна прызнаным мастаком. Але калі тое будзе — у краіне, дзе саджаюць за краты за разгорнутыя ў паветры бель і чырвань? дзе зялёна-чырвоным палатнішчам з пахавальным арнаментам душаць парасткі творчасці і іншадумства? Таму яны і з’яжджалі сюды, бо тое, што ў нас назвалі б у той час «мазнёй» — тут упрыгожыла столь Опернага тэатру па асабістым жаданні прэзідэнта. Але вось яна і лыжка дзёгцю — з квітком за тузін еўра вы пабачыце знакамітыя роспісы Шагала толькі з лоджыі праз невялічкае акенца, занавешанае пластыкавай фігнёй, а сноб-ахоўнік і вокам не міргане ад пытання, чаму роспісы, дзеля якіх многія турысты і набываюць квіток — недаступныя для нармальнага агляду. І зробіць гэта па-парыжску элегантна. Так, элегантнасць, нават не стылёвасць — тое, што скразіць тут з усіх падземных пераходаў, дзвярэй і дымаходаў. І таму пастарацеся пад слоем азіяцкіх кебабаў і шавермаў — усё-такі адшукаць мясцовыя кавярні (размяшчаюцца нязменна на рагу вуліцы і заўжды маюць барвовы ў афармленні), не пашкадаваць колькі еўра на келіх чырвонага з Бардо з сырнай закускай ці-то цыбулевы суп (пасля яго стане зразумела, адкуль паходзіць мамін рэцэпт «мяса па-французску»). Парыж будзе стаяць, пакуль штораніцу на тэрасе такой кавярні тут будзе сядзець пані з кавай і цыгарай у зубах, а побач — пачцівы пан з «Le Parisien», — вохкаючы ад прачытаных навінаў, сварачы прэзідэнта і кошты, чакаючы аўтобуса на працу, каб будаваць далей сваю бунтоўную рэспубліку.

чэргі ў парыжскім метро, каб увайсці ў вагон; на некаторых станцыях супрацоўнікі метрапалітэна пасля сігналу аб заканчэнні пасадкі — рукамі перагараджаюць дзверы, перашкаджаючы заскокваць у апошні момант
жэсаўцы вешаюць ідэалагічную атрыбутыку ў Трыюмфальнай арцы
у разгар вясны Парыж зледзянеў і пахіснуўся — прыехалі хлопцы з Бярэзіны
«Ратонда» на Монпарнасе
«Вулей», інтэрнат, у якім пражывалі М.Шагал, Х.Суцін і іншыя мастакі-выхадцы з Беларусі
парыжскія графіці

 

Немцы

І ўсё ж яны — найбліжэй да нас з усіх заходнееўрапейцаў. Парадак, ахайнасць, дакладнасць, экзістэнцыйная патрэба працаваць, смажаныя бульба ды каўбаскі — злучаюць нас нябачным мостам, перакінутым праз трохі лайдачную і бруднаватую Цэнтральную Еўропу. І разам з тым, немцы, у глыбокае адрозненне ад нас — самы сацыяльны народ, якому заўжды будзе справа да знешніх — людзей, пытанняў, грамадстваў. Адсюль уся нямецкая філасофія, адсюль сацыялізм, крыжовыя паходы, Еўрасаюз і нацызм. Усё гэта — аб адным: аб жаданні немца выйсці за межы сябе, рэалізаваць шчаслівую мадэль для ўсяго свету, аб’яднаць і ўцягнуць усіх у супольнае будаўніцтва. Толькі ў розныя часы — розныя сродкі заахвочвання гэтых «іншых»: ад пачварнага тэрору — да шчодрых датацый у еўра. Адчуваю сябе набольш камфортна, разумею гарадскую прастору найбольш дакладна — менавіта ў Германіі, маючы. відавочна, аднолькавы з немцамі спосаб мыслення. Няварта і казаць, што ў адрозненне ад Парыжу і астатніх — на вуліцах Берліну і ўздоўж яго чыгуначных шляхоў — цяжка заўважыць смецце.

Шосты аэрапорт аказваецца самым марудным што да прахаджэння кантролю — авіякампанія «Райанэйр» просіць прыбыць за 2,5 гадзіны да вылету. Гэтая ж авіякампанія — самы хітры з еўрапейскіх лаўкостаў — вычудзіла трук: аказваецца, цяпер у салон можна браць хіба толькі невялікую торбачку. Даведваемся аб гэтым ужо ў чарзе. Але ці хлопцам са свіслацкіх берагоў трэба тлумачыць што такое кампактнасць і сціпласць у прасторы? ледзь не ўсё майно з напіханых заплечнікаў нацягваецца на сябе: мядзьведзі з паўпустымі торбамі за спінай увальваюцца ў салон, каб праз гадзінку з лішкам удыхнуць роднае паветра, узяць таксі па коштах талончыкаў на метро (пакуль яшчэ прывыкнеш!), даесці няз’едзеную ў Еўропе каўбасу, якая толькі тут зноў становіцца смачнай.